ДРЭ́ЗДЭНСКАЯ КАРЦІ́ННАЯ ГАЛЕРЭ́Я,

адна з буйнейшых у свеце калекцый жывапісу. Уваходзіць у склад Дрэздэнскіх маст. збораў. Засн. ў 1560 г. у г. Дрэздэн як палацавы збор саксонскіх курфюрстаў. Пашырана ў 1722, з пабудовай у 1847—56 спец. будынка (арх. Г.Земпер, М.Генель; разбураны пры бамбардзіроўцы Дрэздэна ў лют. 1945, адноўлены да 1956), які ўвайшоў у палацавы ансамбль Цвінгер, адкрыта для публікі. У 1945 значная частка збораў Д.к.г. вывезена ў СССР і пасля рэстаўрацыі вернута ў 1955 у Дрэздэн. Асн. частка Д.к.г. — Галерэя старых майстроў (карціны Я. ван Эйка, Джарджоне, Рафаэля, Тыцыяна, А.Дзюрэра, П.П.Рубенса, Рэмбранта, Н.Пусэна і інш.). Галерэя новых майстроў (размешчана ў палацава-паркавым ансамблі Дрэздэн) захоўвае творы еўрап. маст. школ 19—20 ст.

Літ.:

Зейдевитц Р., Зейдевитц М. Дрезденская галерея: [Сокр. пер. с нем.]. М., 1965;

Alpatow M. Die Dresdner Galerie: Alte Meister. Dresden, 1966.

т. 6, с. 235

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)